ВІ́ЦЕБСКАЯ БЛАГАВЕ́ШЧАНСКАЯ ЦАРКВА́,
Віцебская царква Звеставання, Віцебская Дабравешчанская царква, помнік стараж.-рус. дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 12 ст. ў Віцебску, на левым беразе Зах. Дзвіны ў тэхніцы opus mixtum — адзін рад часаных вапняковых блокаў чаргаваўся з 2—3 радамі плінфы. Кампазіцыя складалася з 4-слуповага 3-нефавага аднаапсіднага асн. аб’ёму, да зах. сцяны якога далучаўся нартэкс з хорамі. Храм быў узорам пераасэнсавання візант. буд. традыцыі ў мясц. умовах. Аб удзеле ў буд-ве грэч. дойлідаў, якіх, магчыма, прывезлі ў 1140-я г. полацкія князі (былі сасланы ў Візантыю ў 1129), сведчаць буд. методыка і выкарыстанне футавай метрычнай сістэмы. Будынак меў шэраг асаблівасцей, не ўласцівых арх. школам Русі таго часу: бакавыя нефы заканчваліся паўцыркульнымі нішамі ва ўсх. сцяне, апсіда мела трапецападобную віму (адзіны выпадак ва ўсх.-слав. хрысціянскай архітэктуры), па ўсёй даўжыні храм падзяляўся на амаль аднолькавыя часткі. Вонкавая паверхня сцен была пакрыта цамянкавай абмазкай і раскрэслена белымі палосамі, якія імітавалі квадравую муроўку. У інтэр’еры была фрэскавая размалёўка (не збераглася). Царква шмат разоў перабудоўвалася. У 1619, калі яна стала уніяцкай, перад зах. фасадам зроблена прыбудова, завершаная трохвугольным франтонам; закамары на паўд. фасадзе былі знівеліраваны.
У 1714 і 1759 перабудоўвалася і набыла рысы стылю віленскага барока, зах. фасад фланкіраваны 2 вежамі-званіцамі, да паўд. прыбудавана 2-павярховая пабудова з асобным уваходам, купал заменены на сігнатуру над алтаром. Пасля 1862 храм набыў рысы рэтраспектыўна-рус. стылю; былі знішчаны вежы-званіцы, узведзены вялікі драўляны гранёны барабан з цыбулепадобным купалам. У Вял. Айч. вайну храм быў пашкоджаны, у пач. 1960-х г. зруйнаваны. У канцы 1970-х г. праведзена кансервацыя помніка (арх. С.Друшчыц). З 1992 вядзецца рэстаўрацыя (арх. Г.Лаўрэцкі).
Г.А.Лаўрэцкі.
т. 4, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)